Пра жыццё і творчасць музыканта ў эміграцыі гаворым з Мікітам Арловым, вядомым таксама як Эпл Пікер.
— Мікіта, як вы трапілі ў эміграцыю?
— Я пераехаў сюды пасля пачатку вайны, бо вырашыў, што тут для мяне будзе больш творчых магчымасцяў. Зрэшты, так і здарылася: тут я іграю канцэрты, пішу новую музыку.
— Вас не пераследавалі ў Беларусі?
— Я выехаў сам, але ў тым ліку і для таго, каб пазбегнуць магчымага пераследу.
— Што вы ігралі ў Беларусі?
— Я іграў розную музыку: Lo-fi, Indie, New Wave — нешта ў такім кірунку. Сам пачаў пісаць музыку яшчэ ў дзесяць гадоў, хадзіў у музычную школу і амаль усё жыццё займаюся музыкай.
— Вы жывяце з гэтага? Гэта ваш асноўны занятак?
— Так. У асноўным я займаюся музыкай. Часам недзе падпрацоўваю, але галоўным чынам зарабляю на жыццё менавіта музыкай.
— А дзе найчасцей выступаеце?
— Напэўна, у клубе «Spatif» у Варшаве. Там адбываецца шмат імпрэзаў, у тым ліку канцэртаў, і як дыджэй я выступаю там амаль кожны месяц. Акрамя таго, іграю ў гурце «Саюз», і з ім у мяне адбываецца яшчэ больш актыўнасцяў. Таксама супрацоўнічаю з рознымі польскімі гуртамі.
— Як вас тут успрымаюць на канцэртах? Ці адрозніваецца тутэйшая публіка ад той, што была ў Беларусі?
— Са сваёй музыкай я выступаю практычна перад той самай аўдыторыяй, што і ў Мінску. Бо гэта тыя ж хлопцы і дзяўчаты, якія пераехалі ў Польшчу пасля падзей 2020 года. Яны ведаюць маю творчасць, і ў нас тут склалася своеасаблівая супольнасць. Але з гуртом «Саюз» мы ездзілі не толькі па Польшчы, але і па ўсёй Еўропе. Выступалі ў Лондане, Парыжы і іншых гарадах.
— Вы сказалі, што самі пішаце музыку. А як яна пішацца ў эміграцыі?
— Гэта асабліва на мяне не ўплывае. Праўда, напачатку было складана, пакуль ішоў працэс адаптацыі. Але ў цэлым мне здаецца, што я магу працаваць у любых абставінах.
— А пра што вам пішацца на новым месцы?
— Мяне часта натхняе горад, у якім я жыву. Раней натхняў Мінск, цяпер — Варшава. Але пакуль у маёй творчасці няма такіх адсылак да горада, як гэта было ў Мінску. У альбоме было шмат спасылак на Мінск — на тапонімы, на розныя рэчы, напрыклад, на аўтобус №107 або гандлёвы цэнтр «Ленінград». А цяпер я больш пішу пра ўласныя пачуцці.
— Вы пішаце на розных мовах. На вашым канцэрце я чуў песні на некалькіх мовах.
— Так. У дзяцінстве я пачынаў пісаць на англійскай мове, потым — па-руску, а цяпер у Варшаве пішу па-беларуску. Для мяне гэта нешта новае, але мне вельмі падабаецца тое, што атрымліваецца.
— А якую музыку самі любіце слухаць?
— Я часта проста слухаю свае падборкі. У мяне вельмі шмат рознай музыкі. Увогуле слухаю шмат чаго — напрыклад, постпанк. Люблю паслухаць нешта бразільскае. Ды і наогул самую розную музыку.
— Вы тэксты да сваіх песень таксама самі пішаце?
— Так. Я ўсё раблю сам: і запісваю музыку, і пішу тэксты.
— Ці ёсць у вас настальгія? Ці ўплывае яна на вашу творчасць?
— Можа падацца, што я шмат настальгую, бо спяваю шмат песень пра Мінск. Але яны былі напісаныя яшчэ там. Настальгія сапраўды заўсёды прысутнічала ў маёй музыцы як пэўнае адценне. Але гэта хутчэй настальгія па часах, у якіх я сам не жыў. Я слухаў шмат не сучаснай музыкі, а музыкі 1960–1990-х гадоў. Мяне больш натхняе старая музыка, і мне цікава шукаць гэтыя адценні настальгіі і меланхоліі, ствараць такую музыку, бо яна мне блізкая. А вось казаць пра настальгію па Мінску складана. Я выбіраю жыць тут і цяпер.
— А вы заўсёды валодалі беларускай мовай?
— Насамрэч не. Размаўляць па-беларуску я пачаў толькі ў Варшаве. Хоць мову ведаў яшчэ са школы, але ніколі не ўзнікала патрэбы карыстацца ёй штодня. А ў Варшаве большасць маіх знаёмых гаворыць па-беларуску, і тут вельмі лёгка перайсці на гэтую мову.
— Калі з’явіцца магчымасць вярнуцца дадому, як вы на гэта адрэагуеце?
— З’езджу, канечне. Але ўжо адчуваю, што тут у мяне зусім іншае жыццё. Магчыма, там для мяне ўжо не засталося таго месца, якое было раней, бо ў людзей там сваё жыццё, а ў мяне — сваё тут. Але калі б была магчымасць займацца сваёй справай дома, то, безумоўна, я б вярнуўся. Для гэтага патрэбна, каб развіваўся музычны рынак, існавала канкурэнцыя, былі добрыя фестывалі і якасныя пляцоўкі. І каб усё гэта сапраўды працавала. Бо я з’ехаў найперш з-за гэтага: закрываліся клубы, не было дзе выступаць, канцэрты праводзіліся паўпадпольна. Гэта, безумоўна, цікавы досвед, але хочацца выступаць перад вялікай аўдыторыяй і быць пачутым.
— А што можаце сказаць пра сучасную беларускую музыку?
— Не ведаю, бо я сам яе прадстаўнік, і таму складана даваць нейкія ацэнкі. Але стараюся сачыць за ўсім, што адбываецца ў беларускай музыцы. І калі параўноўваю яе з тым, што сёння адбываецца, напрыклад, у польскай музыцы, то разумею: нам яшчэ трэба шмат чаго зрабіць.
Павел ЗАЛЕСКІ